Вёска ціхая і ўтульная, або Як дабіцца сапраўднага парадку
У старшыні сельвыканкама турбот хоць адбаўляй. Вядома, што асноўнай задачай сельскага Савета дэпутатаў з’яўляецца рашэнне надзённых праблем і паляпшэнне ўмоў жыцця грамадзян, якія пражываюць на тэрыторыі сельсавета. Аднак дабіцца эфектыўнасці гэтай працы наогул немагчыма без цеснага ўзаемадзеяння з насельніцтвам. А як можна наладзіць такі кантакт, калі вёсак некалькі, і кожнага з іх жыхароў выслухаць проста фізічна немагчыма? У такім выпадку пэўную ролю выконваюць старшыні сельскіх камітэтаў, якіх выбралі самі аднавяскоўцы падчас сельскага сходу.
Чалавек з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй
— Старшыня сельскага камітэту, як гаспадар у хаце, — адзначыла старшыня Рэчыцкага сельскага Савета На-дзея Зуева. — Па-першае, ён павінен бачыць усе недахопы ў рабоце служб, клапаціцца аб санітарна-тэхнічным стане. Па-другое, фарміраваць сярод насельніцтва здаровы мікраклімат, старацца, каб людзі адчувалі ўтульнасць і камфорт. Па-трэцяе, стараста павінен быць ініцыятарам і арганізоўваць вяскоўцаў на добрыя справы, каб сумесна, як кажуць, талакой выконваць задачы, напрыклад, па добраўпарадкаванню і іншае. А яшчэ гэты чалавек першы памочнік у працы па папярэджанню сямейнага недабрабыту.
Дарэчы, такіх памочнікаў у Надзеі Васільеўны некалькі, але той самай «правай рукой» лічыцца стараста вёскі Зоры Таццяна Сцепаненка, якая апраўдвае давер сваіх выбаршчыкаў на працягу дзесяці гадоў. Як паведаміла старшыня сельсавета, Таццяна Аляксандраўна мае актыўную грамадзянскую пазіцыю, пачуццё спагады да сваіх аднавяскоўцаў, якія ў чымсьці маюць патрэбу, заўсёды дапамагае ўсім, умее выслухаць і ўвайсці ў становішча.
Пачуўшы столькі добрых слоў аб жыхарцы населенага пункта з прыгожай назвай, карэспандэнт райгазеты зазбіраўся ў дарогу, каб асабіста пераканацца ў гэтым. Таццяна Сцепаненка хутка адгукнулася і згадзілася расказаць аб сваіх грамадскіх абавязках, у якіх няма выхадных і абедзеннага перапынку.
—У вёсцы Зоры пражывае 206 чалавек, з якіх 49 маладзейшыя за працаздольны ўзрост, 139 працаздольнага ўзросту і 18 старэшыя за працаздольны ўзрост,— паведаміла стараста. — Я ведаю пра праблемы кожнай сям’і, кожнага чалавека. Людзі звяртаюцца да мяне з рознымі пытаннямі — усе ведаюць нумар майго тэлефона. Але я не чакаю званкоў і абхаджу двары для таго, каб пацікавіцца асабіста, якія патрэбы ў жыхароў, асаблівая ўвага інвалідам.
Здаецца, ўжо ўсе настолькі прывыклі, што так званай «палачкай-ратавалачкай» з’яўляецца менавіта стараста.
На жанчыне і яе памочніках ляжыць кантроль за асвятленнем вуліц вёскі. Калі лямпачкі перагараць у адным ці другім баку, звесткі збіраюцца і напраўляюцца ў сельсавет, а там ужо падаюць заяўку ў РЭС, каб прыехалі спецыялісты і наладзілі святло.
Дарогі таксама ў цэнтры ўвагі старасты, якая сочыць за тым, каб было ўсё своечасова пачышчана ад снега ці адрамантавана асфальтавае палатно.
— Ад сябе адзначу, што жылкамунгаз, на дыспетчырскую якога я тэлефаную, заўсёды ідзе насустрач нам, каб выканаць заяўку, — паведамляе жанчына. — Нашы жыхары не скардзяцца на тое, што гэта арганізацыя спачатку выконвае першапачатковыя задачы, а дзесьці да абеду і нам пачысцяць дарогу. Гэта нармальна, бо прадпрыемства адно, а спраў зімой вельмі многа. Вось і ДРСК № 215 аператыўна адрэагавала на нашу просьбу адрамантаваць участак дарогі, дзе інваліду-калясачніку не было як перасоўвацца. Усё хуценька зрабілі, за што ім вялікі дзякуй.
Прыйшлося старасце па просьбе жыхароў вёскі звярнуцца ў сельсавет і каб пераглядзець графік магазіна. На-дзея Зуева накіравала заяўку кіраўніцтву райспажыўтаварыства, і тое пайшло насустрач сельчанам. Зараз жыхары поўнасцю задаволены і графікам работы, і яго асартыментам, і свежым хлебам, дастаўленым раніцай у 8 гадзін.
Работа з фельчарам ФАПа таксама прадугледжвае поўнае паразуменне, бо іншы раз трэба набыць лекі, якіх няма на той момант ў наяўнасці ў амбулаторыі ці жыхарам патрэбен іншы прэпарат, які ёсць толькі ў раённай аптэцы. Усе пытанні рашаюцца станоўча.
Таццянай Сцепаненка сумесна са сматравой камісіяй, у якую яна ўваходзіць, праводзіцца вялікая праца. Кожны двор наведваюць, каб ацаніць жыллёва-бытавыя ўмовы грамадзян і наколькі імі выконваюцца правілы пажарнай бяспекі. Парушальнікам указваюць на тое, што трэба выправіць і за які тэрмін. Таксама хто не ўстанавіў аўтаномны пажарны апавяшчальнік, хуценька яго набываюць, выконваючы рэкамендацыіі РАНС.
Стараста незаменны ва ўсім
Здаецца, ўжо ўсе настолькі прывыклі, што так званай «палачкай-ратавалачкай» з’яўляецца менавіта стараста, што нават калі пагаршаецца стан здароўя, тэлефануюць у першую чаргу менавіта ёй. Так, аднойчы, сталы аднавясковец паведаміў Таццяне Аляксандраўне, што дрэнна сябя адчувае, а тая, кінуўшы свае справы, хутка прыйшла на дапамогу. Яна змерыла артэрыяльны ціск: аказалася, што ён павышаны. Жанчына вызвала фельчара з ФАПу, і падчас размовы яшчэ высвятлілася, што ў пацыента баліць траўміраваная нага. Вынік такі: мужчыну абследвалі,выявілі пералом і налажылі гіпс. А Тацяна Аляксандраўна працягвае яго наведваць, выконваць яго даручэнні і просьбы. Вось і добрую звестку, што костка на назе зраслася добра і надышоў час знімаць гіпс, мужчына атрымаў ад старасты.
Усе 24 гадзіны стараста, як кажуць, на сувязі. Вось аднойчы патэлефанавалі родныя памерлага аднавяскоўца, які ўжо доўгі час пражываў у буйным горадзе, што пахаваць яго вырашылі на зорскіх могілках. Ім была неабходна дапамога ў арганізацыі гэтага працэсу. У шэсць гадзін раніцы пахавальная фірма павінна была прыступіць да капання магілы, іх трэба было сустрэць і паказаць месца. Стараста і гэту справу выканала, і сабрала жыхароў, каб развітацца з нябожчыкам. Нават у такі сумны час людзі былі задаволены і ўдзячны за дапамогу і неабыякавасць да лёсу сваіх жа аднавяскоўцаў.
Таццяна Сцепаненка таксама расказала гісторыю, колькі сіл і цярпення каштавала ёй і іншым добрым людзям вызваліць пецярых дзяцей ад іх жа асабістай гора-маці. Жанчына з асацыяльнымі паводзінамі лічыла, што ніхто не можа пашкодзіць ёй жыць так, як яна хоча. Аднак, дзякуючы ўсім тым, хто не пашкадаваў часу, каб у непаўнагадовых было сапраўднае дзяцінства, справа вырашылася станоўча: дзяцей забраў іх бацька, які раней з імі не пражываў і нават не ведаў, што вытварала былая жонка.
— Зараз у нас пакуль у вёсцы ціха, — кажа Таццяна Аляксандраўна, — з негатывам мы змагаемся. Кожны з нас на віду, і штосьці дрэннае, тыя ж нестаноўчыя з’явы, адразу будуць відавочныя. Жыхары Зор хутчэй далучацца да добрай справы, чым проста будуць займацца абы чым. Вось некалькімі гадамі раней мы высадзілі два скверы. У акцыях прынялі ўдзел працаўнікі арганізацый нашай вёскі: ФАПа, падраздзялення РАНС, СЦК, актывісты вёскі. Дрэўцы прыняліся і хутка пачалі расці, а ў пасадцы каля кацельнай наогул летам ужо можна назбіраць цэлы кошык грыбоў.
Дарэчы, суботнік у Зарах — справа прывычная. Нікога не трэба прымушаць штосьці рабіць. Усе гатовы выконваць пастаўленыя задачы па добраўпарадкванню, бо кожны хоча бачыць сваю родную вёску ўтульнай, прыгожай, квітнеючай. У рамках абавязковых мерапрыемстаў і навядзенне парадку на могілках.
— Мы з маімі памочніцамі Наталляй Гайсёнак, Алесяй Якіменка і іншымі актывістамі ўзбройваімся граблямі і па перыметры вышкрабаем смецце, дарэчы, накіданае наведвальнікамі,— абураецца жанчына.— Кожны год адно і тое ж: прыязджаюць з іншых населеных пунктаў у паня-дзелак, напярэдадні Раданіцы, наводзяць парадак на магілах сваякоў, затым выкідваюць увесь бруд у канаву, мінуючы ўстаноўленыя скрыні для смецця. Вось і атрымліваецца, што нам прыбірацца прыходзіцца не адзін раз. Нават вывешвалі аб’яўку, што так рабіць не трэба, але ўсё дарэмна: яны зноў і зноў робяць па-свойму. Хаця, здавалася б, добры прыклад падаюць самі зорцы, як наводзіць чысціню і яе падтрымліваць.
Паслухаўшы старшыню селькама, можна адзначыць, што такіх абыякавых да працы іншых хапае ў кожным горадзе ці вёсцы. Відаць, штосьці не заклалася ў дзяцінстве адносна таго паняцця «а што я пасля сябе пакідаю і хто за мной прыбярэ». І ці ёсць у іх пачуцці да родных мясцінаў — рытарычнае пытанне.
Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся
А вось словы Радзіма, бацькаўшчына, любая старонка для Таццяны Сцепанека не проста словы, таму што сваю вёску яна не прамяняла на гарадскі камфорт кватэры ў Мінску, Магілёве. Пасяліцца ў гэтых гарадах і адчуць сябе гарадской жыхаркай — такога лёсу для сябе яна не бачыла.
— Мне прапаноўвалі набыць жыллё то там, то тут, але я наадрэз адмаўлялася, — кажа жанчына. — Ды і ў бацькоў я адна, як іх кіну. Таму заўседы быў адказ “не”, магчыма не ўсе яго разумелі.
Сама Таццяна Аляксандраўна ўраджэнка вёскі Зоры, тут яе карані. На працягу 27 год яна ўзначальвала работу сельскага цэнтра культуры, арганізуючы для сваіх аднавяскоўцаў святы, розныя канцэрты і мерапрыемствы. У 2019 годзе нават сабрала выпускнікоў зорскай школы, якой зараз ужо няма. Прыехала шмат выхадцаў з вёскі, нават не спадзяваліся на такую шматлікую сустрэчу. Але ў памяці яе ўдзельнікаў засталіся добрыя ўспаміны і надзея на новы візіт дзесьці ў 2024 годзе.
— Мне прапаноўвалі набыць жыллё то там, то тут, але я наадрэз адмаўлялася.