Тыдзень роднай мовы правялi ў ДУА “Сярэдняя школа №1 г.Чэрыкава імя Героя Савецкага Саюза Яўгенія Нікалаенка”
“Кожны народ стварыў хоць бы адзін геніяльны твор, і гэты твор – мова…”(Алесь Разанаў) – пад такім дэвізам распачаўся Тыдзень роднай мовы “Як ты дорага мне, мая родная мова!”, які прайшоў у ДУА “Сярэдняя школа №1 г.Чэрыкава імя Героя Савецкага Саюза Яўгенія Нікалаенка” з 19 па 23 верасня.
Напярэдадні Тыдня, 16 верасня, сярод навучэнцаў 8-11 класаў быў праведзены рэспубліканскі дыктант, прымеркаваны да Дня народнага адзінства.
У першы дзень Тыдня са ўсіх куткоў школы чуліся мелагучныя словы, бо ўсе навучэнцы і настаўнікі ўдзельнічалі ў акцыі “Размаўляй са мной па-беларуску”. Шмат цёплых і сардэчных слоў прагучала ў адрас роднай мовы. У гэты дзень дзеці таксама пісалі і прэзентавалі віншавальныя паштоўкі “Пажаданні роднай мове”. На прыканцы заняткаў навучэнцы пачатковых класаў паўдзельнічалі ў марафоне “Мова родная – мова модная”, дзе з імпэтам і захапленнем выконвалі беларускія песні.У фае школы быў арганізаваны тэматычны стэнд і выстава кніг беларускіх аўтараў – юбіляраў.
Наступныя дні прайшлі не менш цікава. Для навучэнцаў настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры было арганізавана шмат конкурсаў, віктарын. Вучні старэйшых класаў прынялі ўдзел у напісанні творчых работ “За што я люблю родную зямлю”. У сваіх работах старшакласнікі захапляліся прыгажосцю роднага краю, мясцін, дзе нарадзіліся i выраслі. Распавядалі пра свае цёплыя адносіны да роднай мовы. Сваю любоў і павагу да роднага слова выказалі і вучні 8-9 класаў, якія прынялі ўдзел у акцыі “Чытаем вершы на роднай мове”.
Творчыя здольнасці праявілі і вучні 7 класаў. Яны самастойна і больш паглыблена вывучалі жыццё і творчасць пісьменнікаў, творы якіх іх найбольш захапілі. Паводле атрыманых звестак дзеці стварылі прэзентацыі “Натхненыя Бацькаўшчынай”. А з нагоды 140-годдзя нараджэння народных паэтаў Беларусі Я.Купалы і Я.Коласа вучні прадставілі свае малюнкі ў выставе-конкурсе “Пад небам сінім”.
Тыдзень мовы завяршыўся, а роднае слова, несумненна, будзе гучаць і далей на занятках і перапынках. Праведзеныя мерапрыемствы абудзілі ў вучнях цікавасць да вывучэння беларускай мовы, павагу да роднай культуры.
ЮЛІЯ Свірыдзенка, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Сярэдняя школа №1 г.Чэрыкава імя Героя Савецкага Саюза Яўгенія Нікалаенка”