Навучэнец ДУА «Верамейская сярэдняя школа» заняў трэцяе месца на рэспубліканскім этапе конкурсу

Трэцяе месца на рэспубліканскім этапе конкурсу «Духоўныя каштоўнасці рэгіёна ў змесце дзейнасці музея» у намінацыі «Крыніцы духоўнасці» заняў навучэнец 11 класа ДУА «Верамейская сярэдняя школа» Сямён Чаркасаў. Перамогу ў конкурсе юнаку прынесла навуковая работа, у якой ён расказаў пра храм Покрыва Прасвятой Багародзіцы, што знаходзіцца ў аграгарадку.
У ёй Сямён адлюстраваў гістарычны шлях праваслаўя ў Верамейках: першыя згадкі пра храм, пераход у ўнію, будаўніцтва Іллінскага храма пасля пажару, перыяды савецкай улады і фашысцкай акупацыі. У другой частцы работы было апісана ўзаемадзеянне Верамейскай сярэдняй школы з прыходам храма Покрыва Прасвятой Багародзіцы: унікальныя праекты, акцыі, арганізацыя місіянерскай працы. Сцэнарыі ўсіх праведзеных мерапрыемстваў увайшлі ў працу юнака.
— Калі мы даведаліся, што наша навуковая работа трапіла на завяршальны этап, — гаворыць настаўнік, кіраўнік школьнага музея баявой славы Сяргей Лукашэнка, — то Сямён пачаў падрыхтоўку да абароны сваёй работы на рэспубліканскай канферэнцыі, куды прайшло ўсяго 30 работ з усёй краіны. У сваім дакладзе Сямён распавёў аб галоўных напрамках праведзенай працы: штогадовай дастаўцы Жыватворнага агню з Ерусаліма; друку і распаўсюджванні духоўнай літаратуры; дабрачынных выставах; паломніцкіх паездках і многім іншым.
Арганізатарам конкурсу, якімі выступілі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства і Сінадальны аддзел рэлі-гійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы, было даволі складана выявіць пераможцаў, бо кожная работа, прадстаўленая на конкурс, была грунтоўнай і цікавай. Але ў ліку лепшых — мы, і для нашай школы гэта значнае дасягненне, а яшчэ добрая адзнака нашага ўзаемадзеяння з прыходам храма.