“СПАЗНАЙ СМАК СВАЁЙ КУХНІ!”: гатуем стравы з бульбы

Суп малочны з бульбянымі клёцкамі
Вам спатрэбіцца: 6 шклянак малака, 8 бульбінаў, 2 шклянкі вады, 1ст. лыжка масла,1 яйка, соль
Бульбу пачысціць і нацерці на тарцы. Сок адціснуць і дадаць яйка. Зрабіць невялікія шарыкі. Малако разбавіць з вадою, закіпяціць. Апускаць клёцкі ў малако і варыць на малым агні хвілін 10-15, пакуль яны не ўсплывуць. Даць яшчэ паварыцца 5 хвілін. Гатовы суп пасаліць і ўкінуць 1 ст. лыжку масла.
Бульба ў лупінах з ёгуртавай падліўкай
Яшчэ адзін рэцэпт, які вельмі проста ажыццявіць. Вам спатрэбіцца бульба. Калі ў вас ёсць добры гатунак (альбо бульба з вашага агарода), то яе можна адварыць у лупінах. Уявіце сабе: вы абіраеце яшчэ гарачую бульбінку, трошкі пасыпаеце соллю і заліваеце соусам… М-м-м-м, не жыццё, а казка. Бульбу ў лупінах мы ўсе варыць умеем, а вось рэцэпт для ёгуртавай падліўкі.
Вам спатрэбіцца: кубак натуральнага ёгурту (не салодкага), некалькі сталовых лыжак смятаны 18%, соль, перац, чырвоная папрыка (на смак), 2 сталовыя лыжкі свежага (альбо замарожанага) кропу, 2 сталовыя лыжкі свежай (альбо замарожанай) пятрушкі, 2 зубкі часнаку, жменька зялёнай цыбулі.
Змяшайце ёгурт са смятанай, запраўце соллю, перцам і папрыкай. Зеляніну і часнок здрабніце, дадайце ў падліўку. Старанна перамяшайце і … гатова! Падаваць з гарачай бульбай.
А калі вам не хапае часу зрабіць падліўку, то можна з’есці бульбу проста з кефірам альбо з селядцом. Таксама смачна!
Каб стравы з бульбы атрымліваліся духмянымі і карыснымі, трэба валодаць некаторымі сакрэтамі:
- Лупіну з бульбы трэба здымаць як мага больш тонка, бо менавіта пад ёй утрымліваецца асабліва шмат бялкоў і вітамінаў. Выкарыстоўваюць для чысткі нож з нержавеючай сталі, бо ад судотыку з жалезам вітамін С разбураецца.
- Каб правільна зварыць бульбу, максімальна захаваўшы ў ёй карысныя рэчывы, смак і форму, яе кладуць у ваду, якая кіпіць, а не ў халодную. Трымаюць на сярэднім агні, а соляць за 5-10 хвілін да гатоўнасці.
- Каб бульба не разварылася і не страціла сваю форму, у ваду можна дадаць пару лыжак капуснага альбо агурочнага расолу альбо некалькі кропель воцату.
- Ваду, у якой варылася бульба, не абавязкова выліваць. Яе можна выкарыстоўваць як аснову для супоў альбо соусаў.
- Звараную ў мундзірах бульбу чысціць лягчэй, калі адразу пасля варкі абліць халоднай вадой.
- Калі вы задумалі прыгатаваць кіслую капусту на першае, спачатку кладзіце бульбу і толькі праз пэўны час – кіслую капусту. Калі зрабіць наадварот, бульба ў кіслай вадзе дрэнна разварыцца.
- Са старой леташняй бульбы пюрэ таксама можа быць паветраным і пульхным. Але для гэтага неабходна дадаць да гарачай масы ўзбіты яечны бялок і дбайна перамяшаць.
- Лаўровы ліст, пару зубкоў часнаку і парасончык кропу, укінутыя ў ваду пры варцы, надаюць бульбе незвычайна свежы і насычаны водар. А калі дадаць у кіпень лыжку сметанковага масла, гэта скароціць час гатавання бульбы.
Каштуйце стравы, прыгатаваныя па спрадвечна беларускіх рэцэптах. І няхай вам будзе смачна!