Прызванне Ганны Цалабанавай – дапамагаць людзям
Кожны раз пасля размовы ці зносін з некаторымі людзьмі, праца якіх цесна звязана з дапамогай хворым, нямоглым старым, задаеш сабе пытанне: “А ці змог бы ты быць настолькі цярплівым, каб клапаціцца пра чужога чалавека, выконваць яго даручэнні, ставіцца спакойна да некаторых праяў характару ці проста дрэннага настроя?”. Адказаць даволі цяжка, бо, па-першае, мы ведаем, што трэба быць міласэрнымі, старацца дапамагаць тым, хто ў гэтым мае патрэбу, але звязаць сваё жыццё з гэтай справай – наўрад ці.
А вось Ганна Цалабанава з вёскі Заазер’е працуе сацработнікам РЦСАН ужо 20 гадоў, і змяніць абраную раней прафесію не збіраецца. У Ганны Аляксандраўны на абслугоў- ванні ўсяго десяць чалавек, пяцёра з якіх жывуць ў Язёрах, і столькі ж у Міхліне. Працоўны дзень, вядома, распісаны па гадзінах, каб кожнаму дапамагчы і своечасова выканаць работу.
– Схадзіць па ваду, зрабіць неабходныя пакупкі ў аўтамагазіне ці ў магазіне, набыць лекі, аплаціць камунальныя паслугі – гэта адны з даручэнняў, якія мне трэба выканаць,– кажа Ганна Цалабанава. — А таксама я не цураюся і іншых работ, напрыклад, са склепа прынесці агародніну, памыць бялізну, прыбрацца ў хаце. Што мне па сілах выканаць, стараюся ўсё зрабіць, прычым не гляджу на гадзіннік.
Дарэчы, Ганна Аляксандраўна клапаціцца і пра тое, каб яе падапечныя прытрымліваліся прызначэння ўрачэй, своечасова прымалі лекі, ды і артэрыяльны ціск таксама ім неабходна змерыць. Не сакрэт, што старыя людзі, як і малыя, яшчэ маюць патрэбу ў цёплай сяброўскай гутарцы, каб іх выслухалі, падтрымалі добрым словам, надалі ўвагу іх скаргам на здроўе ці жыццё. І тут сацработніку неабходна яшчэ быць і хатнім псіхолагам. Ганна Цалабанава паспяхова спраўляецца і з гэтай роляй у жыцці старых людзей, бо яны ўжо даўно ёй сталі як родныя. Вядома, нялёгка Ганне Аляксандраўне разрывацца паміж некалькімі населенымі пунктамі, але яна, як кажуць, уцягнулася, і за гэтыя гады нават набыла свой вопыт у некаторых пытаннях і справах.
Ганна Цалабанава яшчэ і шчас-лівая маці: вырасціла разам з мужам дваіх дзяцей і дала ім адукацыю. Так, дачка Лілія працуе ўрачом у Віцебску, сын Уладзімір інжынер-энергецік, жыве ў Мінску.
Не дае сумаваць жанчыне і дамашняя гаспадарка, якую пасля працы таксама трэба дагледзець. Агарод і кветкі ў яе поле зроку: заўсёды ўсё праполатае і своечасова паліта. І наогул Ганна Аляксандраўна па характару аптыміст, прывыкла спраўляцца з жыццёвымі вы-прабаваннямі цярпліва, заўсёды застаецца ветлівай і добрай.
Алеся Панімаева