На Саракі ўсяго па сорак: гульняў, варожбаў, прыкметаў

А вы ведаеце, які сёння дзень?! Сёння прыгожае народнае свята – Саракі. Яно цікавае найперш сваімі народнымі прыкметамі. Нашыя продкі лічылі, што ў гэты дзень прылятаюць 40 птушак, альбо 40 жаўрукоў, ці нават 40 выраяў. На Саракі сарока (быццам бы!) пачынае віць гняздо і прыносіць для яго 40 пруткоў. Калі 22-га сакавіка здараўся мароз, значыць, чакаць нам яшчэ 40 маразоў (бр-р-р-р, вось не хацелася б!). Святыя Саракі наперад пайшлі… — так спявалася ў гэты дзень, віталася вясна-красуня.


Пра свята «Саракі» нам раскажуць удзельнікі аматарскага аб’яднання «Спадчына» Язёрскага сельскага Цэнтра культуры і яго кіраўнік Таліна Матвеева.
— Каму калісьці прыйшло ў галаву спалучыць дзень памяці сарака пакутнікаў з прылётам птушак, цяпер не дазнацца. Народ жа як заўсёды ўдала спалучыў у сваёй свядомасці святкаванне вясновага раўнадзенства з падзеямі хрысціянскай гісторыі, — распавядае Таліна Міхайлаўна. — Існаваў цудоўны звычай, калі дзеці босымі з печывам у форме розных птушак выбягалі на праталіны, слухалі жаўрукоў і крычалі: «Жаўранкі, прыляціце, вясну прынясіце!» Гаспадыні выпякалі з цеста 40 жаўрукоў, 40 маленькіх піражкоў, галушак або птушыных лапак і іншых страў. Печаныя фігуркі птушак раздавалі дзецям, сваякам, суседзям.


— З дапамогай гэтых птушак варажылі на здароўе, — дапаўняе свойго кіраўніка Вераніка Храмых. — Іх падкідвалі ўгару і сачылі, чыя птушка ўзляціць найвышэй. Чым вышэй яна падляціць, тым здаравейшы будзеш напрацягу года. Крошкі ад печыва гаспадыні сыпалі хатняй птушцы, каб добра неслася, не хварэла, вялася. Старыя людзі казалі: «Першую птушку з патэльні патрэбна з’есці, тады будзеш так шыбка хадзіць, як птушка лятае».
— Згодна павер’ям таксама трэба было ў гэты дзень разарваць 40 шнурочкаў і паламаць 40 трэсачак, – прадаўжае размову Таліна Міхайлаўна. — Трэскі і вяроўкі сімвалізавалі сілы, якімі была скавана зямля. Пераламаць і перарваць іх — значыла наблізіць надыход цяпла.


Глядзім у неба і лічым птушак.
Гэта перыяд, калі ўсё аднаўляецца ў прыродзе, абуджаецца ад сну, адраджаецца наноў. Асабліва ў гэты дзень нікому не можна жадаць злога, — сцвярджае Элеанора Багалюбская, удзельніца аматарскага аб’яднання «Спадчына.» — Жадайце людзям здароўя, дабрабыту, і ўсе гэта абавязкова вернецца да вас!


— А ведаеце, чым ў наш час цікавыя Саракі? — цікавіцца Мілана Багалюбская, і сама адказвае: — Наўрад ці хто будзе кідаць праз дах трэскі альбо разрываць вяровачкі. Таму прапаноўваю ўсім сёння наперш… паўзірацца ў неба! Бо адно з народных павер’яў кажа: хто ўбачыць у гэты дзень птушыны вырай, таму будуць спрыяць поспех і шчасце. Таму глядзім у неба. А раптам каго і згледзім?!
— А яшчэ патрэбна палічыць птушак у небе, — дадае Валерыя Сталярова. — І калі іх будзе ў пару, то і вы ў гэтым годзе сустрэнеце сваю пару. Паспрабуйце, але гэта вельмі цяжка зрабіць, можна загадать жаданне і таксама палічыць птушак у небе: калі будзе цотны лік, то абавязкова здзейсніцца.

— дзяўчаты варажылі на замужжа, — распавядае Злата Сугакова. — Патрэбна скласці печаных жаўрукоў у рэшата, рэшата кружыць і прыгаворваць: «Рэшата, рэшата, кружыся ка мне. Калі я замуж пайду, у мяне будзе многа дзетак, я буду багатая…». А пры выпяканні булачак у сырое цеста ўкладалі: пярсцёнак — да вяселля, манету — да дабрабыту, ключ — да новай хаты, пацерку — на цяжарнасць, гузік — да новай вопраткі, завушніцу — знойдзеш суджанага.А потым кожны браў па булачцы і па знойдзенаму прадмету вызначаў сваю будучыню.
Вясну гукаем — цяпло чакаем
— Каб добра рос лён, малыя і дарослыя гушкаліся на арэлях, — распавядае Таліна Міхайлаўна. — На Саракі працягваюць гукаць вясну. Дзяўчаты шукалі высокае месца і, сабраўшыся разам, гукалі, прызывалі вясну словамі, прамаўлялі вяснянкі: «Агууу, вясна, агууу, красна! Што ты нам прынясла?..» Гэта «агууу» ляцела далёка і часам было чуваць у суседняй вёсцы. А адтуль таксама можна было пачуць той жа адказ. Калі горак не было, спеўнай пляцоўкай станавілася страха адрыны, хлева ці звычайны плот.

Рэцэпт вясновых “жаўрукоў” – абрадавага печыва
Руплівыя гаспадыні сёння могуць парадаваць сваіх сямейнікаў, блізкіх, знаёмых адмысловай выпечкай – «жаўрукамі». Між іншым, даўней дзеці бегалі з імі па вёсцы, трымаючы высока ў руках, альбо насаджвалі на пруткі, зазываючы птушак сапраўдных.
Таму прапануем ўсім ахвотным паспрабаваць прыгатаваць смачнае печыва. Не скажу, што наш рэцэпт традыцыйны, але выпрабаваны неаднойчы. Тыя, хто прытрымліваецца здаровага ладу жыцця, ужо ведаюць, як замяняць інгрэдыенты. А мы проста захапляемся працэсам, выглядам і смакам і атрымліваем ад усяго задавальненне!
А добры настрой – традыцыйны спадарожнік добрага самаадчування. Вы гатовыя?! Тады пачынаем!
Бяром 0,5 шклянкі цёплай вады, 50 грамаў дражджэй, размешваем да аднароднай масы. Дадаем 250 грамаў кефіру, 4 сталовыя лыжкі цукру, на канцы нажа солі, 2 сталовыя лыжкі алею (ці растопленага сметанковага масла, маргарыну), 0,5 чайнай лыжкі соды, пагашанай воцатам. Усё перамяшаць, дадаць узбітае яйка. Прасеяную муку сыпаць да таго часу, пакуль цеста не пачне адліпаць ад рук. Паставіць на паўгадзіны ў цёплае месца.
Затым дастаем, фармуем ком, дзелім яго на 40 частак (проста адшчыпваем кавалачкі і лічым). І тут таксама прымячалі цот ці не, і верылі што калі цот, то ўсё будзе добра ў гэтым годзе. Жаўрукоў робяць наступным чынам: жмуток цеста раскачаць каўбаскай і завязаць у вузельчык. З аднаго канца вузельчыка зрабіць дзюбу, другі распляскаць для хвосціка, нарэзаць нажом, нібыта пёркі, можна зрабіць вочкі з разынак ці перцу, высушаных чарніц ці чаго іншага, пазначыць крылцы, робячы дзірачкі відэльцам. Птушачак выкладваем на пасыпаную мукой паверхню. Пасля змяшчаем на бляху (змазаную алеем ці таксама пасыпаную мукой) з такім разлікам, каб паміж імі было крыху вольнага месца, бо птушачкі «вырастуць». Пакідаем на 15 хвілін. Няхай падыходзяць. Затым выпякаем у духоўцы пры сярэдняй тэмпературы да падрумяньвання, папярэдне змясціўшы на дно духоўкі ёмістасць з вадой, каб наша печыва не падгарэла. І не перажывайце, калі ў працэсе падняцця цеста і яго выпякання ад птушачак застануцца толькі абрысы! Магічнага сэнсу ад гэтага печыва не страціць. Галоўнае – рабіць усё з душой, з добрым настроем, з любоўю да сваіх блізкіх.
Смачна есці! І са святам!

