Яніна Кавалёва стала ўдзельніцай тэлевізійнай праграмы
Натарыус натарыяльнай канторы Чэрыкаўскага раёна Яніна Кавалёва стала ўдзельніцай забаўляльнай праграмы Беларускага тэлебачання «Сваімі словамі», якая транслюецца на тэлеканале «Беларусь 4. Гомель».
Яна і яшчэ адна прадстаўніца Магiлёўскай натарыяльнай акругi, метадыст Зінаіда Танкіх, паспаборнічалі са сваімі калегамі з Гомеля ў веданні беларускай мовы.
Аб падрабязнасцях мы даведаліся ў самой Яніны, якая распавяла нам, што ў такім конкурсе яна ўдзельнічала ўпершыню ў адрозненні ад гомельскіх калег.
— Гомельскія натарыусы вырашылі вызваць нас, як зараз модна казаць, на батл. Не менавіта мяне і Зінаіду, а каго-небудзь з прадстаўнікоў Магілёў-скай натарыяльнай акругі, — рассказвае Яніна. — У нашай установе дзейнічае Савет маладых натарыусаў, а я з’яўляюся яго адказнай асобай на тэрыторыі Магілёўшчыны, таму прапанавалі ўзяць удзел у перадачы мне разам з метадыстам Магілеўскай натарыяльнай акругі Зінаідай Танкіх.
Яніна прызналася нам, што спачатку было крыху страшна, бо на беларускай мове яна не размаўляе, ды і веды аб ёй засталіся толькі са школы. А праграма тэлеконкурса была даволі складаная і ўключала шэсць тураў, у тым лiку: тлумачым, перакладаем, ужываем, размаўляем, вырашаем крыжаванку.
— Тым не менш мы выступілі паспяхова. І нават вялі ў ліку. Можа, таму што навячкам шанцуе? — кажа Яніна.
У сяброўскай атмасферы прадстаўнікі натарыяту не толькі правяралі свае веды ў беларускай мове, адкрывалі для сябе новыя словы і іх значэнні, але і ўспаміналі творы беларускіх класікаў – і гэта ўсё на хуткасць, бо дух суперніцтва ніхто не адмяняў. Паслядоўна вырашаючы заданні вядучага Алены Траценка, удзельнікі паспяхова справіліся з прапанаванымі пытаннямi.
А ў канцы сваё слова сказала журы конкурсу, якое ўвесь час знаходзілася ў студыі і сачыла за тым, каб не парушаліся правілы гульні (з гэтым было строга). У выніку яны прысудзілі гомельскай камандзе 30 балаў, і з лікам 430 на 430 балаў перамагла дружба.
— Ведаеце, гэта было класна, — дзеліцца на прыканцы размовы Яніна. — Я і не думала, што даволі добра ведаю родную мову. І нават на развітанне змагла па-дзяліцца сваімі ўражаннямі на нашай прыгожай беларускай мове.
Можа, і сапраўды родная мова таму і завецца так, бо «жыве» у кожнага ў падсвядомасці і ў сэрцы, нягледзячы на тое, размаўляем мы на ёй ці не? Аставім гэтае пытанне для разважанняў навукоўцам і дададзім, што эфiр праграмы з удзелам нашых канкурсантаў на Беларускiм тэлебачаннi прызначаны на снежань 2020 года.