Ганна Зайцава — герой праекту «Гісторыя ў фотаздымках»
Ганна Ісаеўна Зайцава (на здымку) усё сваё працоўнае жыццё прысвяціла працы ў культуры. Больш за 30 гадоў складае яе рух па абраным некалі шляху. Яшчэ калі вучылася ў культ-асветвучылішчы, для сябе яна зрабіла выснову, што будзе рабіць усё магчымае, каб адраджаць культурную спадчыну і традыцыі нашага народу. Так і атрымалася пасля заканчэння навучальнай установы, дзе яна атрымала прафесію спецыяльнага клубнага работніка, кіраўніка самадзейнага харавога калектыву. А калі Ганна Ісаеўна ўзначаліла Мірагашчанскі клуб у 1993 годзе, то адразу ідэя адраджэння пачала ажыццяўляцца.
— Я памятаю, як жанчыны ў Горках маліліся на свята іконы Казанскай Божай маці, — расказвае Ганна Ісаеўна. — Абрад быў такім: кожны год свячу падчас малення аднаўлялі воскам, упрыгожвалі яе і перадавалі з хаты ў хату. Цэлы год свяча знаходзілася ў адной гаспадыні, затым наступны год — у другой. Так з’явілася думка гэты абрад ўдасканаліць і ўвязаць са святам крыніцы. Мы навялі парадак каля крыніцы, зрабілі добраўпарадкаванне тэрыторыі. Кожны год настаяцель храма Чэрыкава праводзіў малебен з асвячэннем вады.
Дарэчы, арганізатарскі характар і творчыя схільнасці не дазволілі культработніку сядзець склаўшы рукі, і культурнае жыццё ў Мірагошчы насамрэч проста кіпела. Функцыянавалі восем гурткоў у розных напрамках работы, была створана добрая матэрыяльная база, а самае галоўнае, было задзейнічана насельніцтва ў мерапрыемствах, прычым людзі займаліся з вялікім задавальненнем. Пры Ганне Ісаеўне працаваў гурт “Спадчына”, які шукаў і адраджаў народныя песні, а сам кіраўнік быў акампаніятарам. Мірагашчанцы першыя ў раёне правялі “Вячоркі”, арганізаваўшы цэлую тэатралізавананую пастаноўку: паставілі ткацкі станок і пад спевы жанчын ткалі дарожку. А мерапрыемствы ў клубе на Новы год ці на іншыя святы — гэта значыла, што людзей было столькі, што нельга было куды яблыку ўпасці. Сама ж загадчык была і арганізатарам, і касірам.
Ганна Ісаеўна расказала карэспандэнту раённай газеты і аб сваіх пераездах, зменах месца жыхарства. Так, у 1990 гаду яна была вымушана паехаць у Расію, у Наўгародскую вобласць, дзе працавала ў афіцэрскім і вясковым клубах адначасова. Жыла ў вёсцы Лабанаўка, працавала зноў жа ў мясцовым клубе.
–Дзе б я не жыла, кім бы я не працавала, заўсёды хоць на палову стаўкі ўладкоўвалася ў культуру,– адзначыла жанчына.– Гэта справа — маё жыццё. Я заўсёды хацела, каб у сельскай мясцовасці не былі абдзелены ўвагай жыхары, каб яны мелі магчымасць прыняць удзел ў святах, мерапрыемствах, каб унесці ў іх быт крыху радасці і святочнасці.
Зараз Ганна Ісаеўна на заслужаным адпачынку. Адразу ёй прыйшлося прывыкаць да новых абставінаў жыцця, нават да спакойнага быту. Але і ў гэтым яна знайшла станаўчыя моманты. Летам — лес, грыбы, ягады. А рыбалка з вудаю — нават ужо хобі. Як сама — адзначае жанчына, забяспечвае ўсю сям’ю рыбай.
Алеся Панімаева