Мікалай Папкоў — герой фотапраекту «Гісторыя ў фотаздымках»
Працоўны шлях Мікалая Папкова (на здымку) быў поўны на розныя выпадкі, сустрэчы і здарэнні. Але тое, што адбывалася ў яго жыцці, было як неабходны набыты вопыт.
Мікалай Уладзіміравіч зараз на пенсіі, а да выхаду на заслужаны адпачынак працаваў кіроўцам аўтамабіля ў розных арганізацыях раёна і не толькі. Так, пачынаўся яго стаж за “баранкай” у райспажыўтаварыстве ў 1970 годзе, калі яму даверылі аўтамагазін, затым ён адвозіў хлеб ад хлебазавода ў тарговыя кропкі раёна, працаваў таксама на так званай “прадуктовай” машыне. А ў 1974 годзе ён уладкаваўся ў міжрайгаз, дзе прапрацаваў да 1985 года. Спачатку ён вазіў газавыя балоны на запраўку ў Магілёў, потым кіраваў “касетай” з балонамі, развозіўшы абанентам іх па раёне, затым працаваў на перавозцы газу ў спецыяльнай цыстэрне. Канешне, работа Мікалая Папкова была вельмі напружанай, небяспечнай і патрабавала ад яго адпаведных ведаў і ўменняў. За перыяд працы ў міжрайгазе Мікалай Уладзіміравіч крыху падарваў сваё здароўе: прыходзілася самаму даставаць з “касеты” балоны, пераносіць з месца на месца. Той, хто ўяўляе, колькі важыў адзін газавы балон ў тыя гады, можа падлічыць, якую масу кіроўца за сваю смену мог перанесці практычна на сабе.
За час працы ў вышэйназванай арганізацыі Мікалай Папкоў спрабаваў свае сілы на Поўначы ў нафтагазаўпраўленні. Паўтара года ён адпрацаваў кіроўцам аўтобуса, дастаўляючы вахтавікоў да аэрапорту і новую партыю работнікаў да аб’ектаў. Дарэчы, яго маршруты ляжалі па экстрымальным шляху, і былі розныя небяспечныя выпадкі.
Трэба адзначыць, што Мікалай Уладзіміравіч яшчэ 18 гадоў працаваў на машыне хуткай дапамогі.
–Я раней баяўся віду крыві, быў далёка ад медыцыны. А тут за смену можна было такога набачыцца,– расказвае Мікалай Уладзіміравіч.– Прыходзілася адзін раз выконваць даручэнні акушэркі падчас экстраных родаў, што здарыліся ў дарозе, і прысутнічаць пры такой жа аперацыі. Аварыі, траўмы, пашкоджанні, люд-ское гора і мукі прыйшлося пабачыць за гэтыя гады.
Мікалай Папкоў паведаміў карэспандэнту “ВЧ” таксама аб тым, што вельмі любіў вандраваць: па пуцёўкам па прафсаюзнай лініі і за асабісты кошт пабачыў цэлы свет — Крым, усё Закаўказзе, адпачываў у розных здраўніцах і санаторыях Савецкага Саюза. Зараз вандруе па свеце кніг, газет і часопісаў, бо вельмі любіць чытаць літаратуру розных напрамкаў, калі, канешне, ёсць вольны час, бо дом, хатнія справы трэба выконваць своечасова, а тады і можна адпачыць за кнігай.
Алеся Панімаева