Валянціна Хацкалёва — герой фотапраекту «Гісторыя ў фотаздымках»
Валянціна Мікалаеўна Хацкалёва (на здымку) прапрацавала 34 гады на Чэрыкаўскім сыраробчым заводзе тэхнікам-тэхнолагам. Яна кантралявала якасць паступаючай сыравіны і адказвала за выпуск прадукцыі. Дарэчы, сама Валянціна Мікалаеўна родам з Брэшчыны, скончыла Слуцкае вучылішча харчовай прамысловасці і затым уладкавалася на завод у Чэрыкаў. Папрацаваўшы, вырашыла зноў паступаць вучыцца завочна ў Пінскі мяса-малочны тэхнікум, які паспяхова і скончыла. Так брашчанка стала чэрыкаўлянкай, тут жа і пабудавала сваю сям’ю. Дарэчы, і калектыў завода быў вельмі дружным, а сваю справу кожны рабіў вельмі старанна, напэўна, таму раённым сыраробам удавалася гатаваць смачныя і вельмі якасныя сыры, якія карысталіся попытам не толькі далёка за межамі раёна, а і нават высока цаніліся ў Маскве.
Калі надышоў час расфарміравання завода, Валянціна Хацкалёва была ўжо на пенсіі, але працягвала два гады яшчэ працаваць, таму з яго за-крыццём скончыўся і яе працоўны шлях. Канешне, дзесьці шчаміла, за тое, што вытворчасць, у якую ўкладваў душу, свае сілы, веды і ўменні, перастала існаваць. Але, як кажа сама жанчына, дома нямала клопату: і агарод, і кветкі, і гародніна, і садовыя суніцы і шмат чаго таго, чаму патрэбна ўвага гаспадыні. Таму Валянціна Мікалаеўна пераключылася на дамашнія справы, прычым з задавальненнем займаецца тым, чаму не хапала часу раней. Яе дзеці даўно ўжо маюць свае сем’і. Сын Барыс працуе ў канструктарскім бюро на заводзе “Амкадор”, а дачка Святлана– касірам у Чэрыкаўскім райспажыўтаварыстве. Яшчэ дораць радасць бабулі і дзядулі тры дарослыя ўнукі, якія наведваюць іх па меры магчымасці.
Алеся Панімаева